Сінь і глыб бяз конца-краю, Ціш і згодачка сьвятая Неба, землю абнялі. Сонца зранку жарам пыша, Ветрык лісьце чуць калыша, Вее чуць паўзьверх зямлі. Лес і поле з збажывою, Апавітыя смугою, Задуменныя стаяць. І сярод цішы нясьмела Над зямелькаю зьнямелай Сталі хмары вынікаць, Ды так ціха, так пужліва, Нібы зданкі або дзіва Невядома скуль ўстае. Шырыць сонца клуб іх белы І маланак-громаў стрэлы Ім на страх зямлі куе. А зямля як бы замлела, Толькі дуб стары нясьмела Зрэдку лісьцем павядзе. Змоўклі ўсе вакол абшары, Бо замысьлілі штось хмары... Ой, знаць, бура загудзе!
1916
|
|