РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Покліч
Гэй, чулыя сэрцамі Гэй, душы жывыя!
      Ідзіце вы долю каваць!
У вас жа ёсьць сілы яшчэ маладыя,
      У вас жа ёсьць крыльлі лятаць!
 
Але сьцеражыся: балотная бросьня
      Іх кожную хвілю сачыць,
А гнільлю зацягне – душа не ўваскросьне,
      Ўгару над зямлёй не ўзьляціць,
 
Вы чуеце хваляў жывых набяганьне?
      Прыгледзьцеся: новыя дні
На нас пазіраюць у іскрах сьвітаньня,
      І сьвецяць другія агні.
 
Сьпяшайцеся, брацьці, расою халоднай
      Ваш твар выразьлівы абмыць
І дух той гаючы палёў, нівы роднай
      У грудзі чым больш захапіць.
 
Але памятайце – на вашым сумленьні
      Ня сплачаны доўг векавы:
То доўг прад народам, то доўг разуменьня,
      Якое зачэрпалі вы
 
З народнага скарбу душы самабытнай
      І скарбу яго мазалёў:
То ён, працавік наш, то ён, старажытны,
      На гору вас моўчкі узьвёў.
 
Гадуе вас поле, што золатам зьзяе
      Пяскоў, неўраджайных пяскоў,
Вас корміць сярмяга, што долі ня знае,
      Ня ведае ласкі братоў.
 
Ідзіце ж к народу, як добрыя дзеці,
      Ідзіце, злучайце яго
І горкую праўду у вочы скажэце,
      Чаго ён гаруе, чаго?
 
1921
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.