РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праменьчык
Мокры водар белага бэзу,
Кветкі-гроны, як вінаград,
Ветрык весьні, ветрык-гарэза
Ўсё трасе і тузае сад.
Ў гушчары аканіцы сінія,
Ты ўсё сьпіш, а дзень на нагах.
Сонца хітрае праз галіны
Да цябе адшукала шлях.
І праменьчык малы, пяшчотны,
Што празь лісьце ў шчыліну ўпаў,
Руку голую цёплым ротам,
Крадучыся, пацалаваў.
Сьпі.
Прачнесься, і ў гэтым садзе
Шчасьце будзе блукаць між траў.
Так мне радасна,
Радасна,
Радасна,
Што падскочыў і сонца б сарваў,
Каб ня шкода было мне дзетак,
І бязьмежнага шчасьця, і сноў,
І дрыжачых спрасонку кветак,
І вільготных бэзу кустоў.
І садоў, цеплынёю настоеных,
І вясёлкавых хваль на рацэ,
І праменьчыка, што спакойна
На тваёй спачывае руцэ.
 
1957
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.