РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Загібелька

Прысьвячаю К. Крапіве

 

Быў я ў Парыжы на кангрэсе –
То ў Загібельцы, браце, лепш:
Грыбоў няма ў Булонскім лесе,
А ў Сене хоць-бы адзін лешч.
#К. Крапіва. Эпіграма

 
Быць можа, я крыху дзівак,
Але люблю я Загібельку:
Там кожны хвойнік мне сваяк,           
Там ясным днём надрэчны гак
Мне суліць мяккую пасьцельку.
 
Хадзіў я там, вітаў усход
І першыя праменьні сонца,
Што дзень выводзяць у паход,
А зь ім і хмарак карагод,
Замлеўшы сьмехам на сасонцы.
 
Запыніш крок. Спакой і ціш –
Былінка нават не схісьнецца,
А ты разважліва стаіш,
Бы нейкі сон дзівосны сьніш,
І песьня нейкая снуецца.
 
Зірнеш на дол – убогі ён,
Адзін пясок, сухі, нішчымны,
Ды колькі тут наткаў красён
Чаборык, мох, зязюльчын лён
І верасок агніста-дымны!
 
І колькі мілых красак тут
Разьлівам чырвані палае!
Над імі звон, музычны гуд –
На пустцы сонца творыць цуд
І радасьць шчодра пасылае.
 
Ідзеш у свой абход адзін,
Мінаеш сотні паваротак.
Ускрай баркоў шатры хваін
Стаяць у постаці жанчын, –
Вітаеш іх, як родных цётак.
 
Ідзеш кілометр, два і тры,
Праходзіш пусткі, пералескі,
А песьні сыплюцца згары,
Ды так, што слухаюць бары,
Надзеўшы вычварныя фескі.
 
А вось і возера-вакно,
Якога мала дзе пабачыш,
Такое дзікае яно
Сярод балоцішча адно, –
Завуць яго чамусь Грымячым.
 
Само ж балота – шыр і гмах,
Панурай немасьцю акута.
Глядзіш, і горне цябе страх.
А хвоек там – мільён папах,
Дзесяткі тысяч парашутаў.
 
На філязофскі часам лад
Настроіш думкі ты ў самоце.
Што ні кажы, наш край багат!
Балотам зробім шах і мат,
І будуць нівы на балоце.
 
Калі агледзіш хвайнякі
І гэты кут пазнаеш бліжай,
Зьбіраючы баравікі, –
То вывад я раблю такі:
Мне Загібелька лепш Парыжа.
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.