РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пасьля зімы
Выйшла з халоднай пасьцелі зямля,
      Нібы пасьля цяжкай хваробы.
Поле пустое, сырая ральля –
      Ніякай украсы, аздобы.
Сьнегам прымяты галінкі хваін
      На ўскрайку зьнямелых палеткаў.
Прэлае лісьце сярод раўчавін –
      Бяздушнай зімы недаедкі.
Сям-там засохлых расьлін цыбуры
      Схіліліся мёртва над долам.
Ходзяць па полі сіроты-вятры,
      К зямлі прыпадаючы чолам.
Шэпчуць ёй ціха: «Ня плач, не тужы –
      Мінула тваё амярцьвеньне!
Сонца разьвее дыханьне імжы
      І новае вытча адзеньне,
Руньню засьцеле гмах шэры палёў,
      Акрые шаўкамі даліны.
Будзеш мець выгляд, зямелька, ты зноў
      Вясёлай красуні-дзяўчыны».
 
1938
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.