РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Не тужы

Сыну

 
Ты не тужы – мінецца восень,
Імжа расьсеецца, як дым,
І усьміхнецца неба просінь
У ясным сонцы веснавым.
Зноў зацьвітуць лугі, даліны,
І атрасуць свой сон лясы
І ў гоман радасны птушыны
Свае далучаць галасы.
Адзенуць новую адзежу
Дубы, сталёвыя камлі,
А хмаркі неба замярэжаць,
Усплыўшы ціха з-за зямлі.
Клубочкі іх зьбяруцца ў хмару,
Над полем спусьцяць свой паром,
І па нябеснаму абшару
Абход свой зробіць першы гром.
З табой і мы ў свае абходы
На рэчку пойдзем, пад дубы,
Або пад добрую пагоду
Цішком пацісьнем у грыбы.
Чаго мы толькі не сустрэнем!
Якіх ня ўчуем галасоў
У лесным звонкім сутарэньні
Між пышных хвой і верасоў!
Агледзім там барок знаёмы
І не мінём сваіх лужкоў;
І мы, вясёлыя, дадому
Прыцягнем кош баравікоў.
 
1939
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.