РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над магілаю друга

Памяці Янкі Купалы

 
Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагасьлі твае.
У шуме жыцьцёвае сьцюжы
Байца-песьняра не стае.
      Сьпі спакойна, спачывай –
      Не забудзе цябе край.
 
Ня суджана, знаць, табе, браце,
На родныя гоні зірнуць
І ў нашай разбуранай хаце
Народ да работы гукнуць.
      Сьпі, мой дружа, спачывай –
      Не забудзе цябе край.
 
Пакончыўшы зь дзікай ардою,
З варожаю цемрай і злом,
Мы ўспомнім усёй грамадою
Цябе за жалобным сталом.
      Сьпі, мой браце, спачывай –
      Не забудзе цябе край.
 
Успомнім як лепшага сына,
Аддаўшага дар песьняра
Народу і роднай краіне,
Дар яркі, як золак-зара.
      Сьпі, саколю, спачывай –
      Не забудзе цябе край.
 
Шмат сьцежак з табою прайшлі мы,
Адзін пракладаючы сьлед,
І слухалі голас радзімы,
Каб несьці той голас у сьвет.
      Сьпі, баяне, спачывай –
      Не забудзе цябе край.
 
І вось абарваліся ніці –
Сышоў ты на вечны спакой,
Буйнейшы наш колас у жыце,
Наш дуб лугавы над ракой.
      Сьпі, гусьляру, спачывай –
      Не забудзе цябе край.
 
Парваліся струны, разьбіты
Цудоўныя гусьлі твае,
Краіна жалобай спавіта –
Байца-песьняра не стае.
      Сьпі спакойна, спачывай –
      Не забудзе цябе край.
 
1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.