РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жураўліны вырай
Крылаты вандроўнік, стары журавель,
Сяброў у дарогу таропіць, –
Пад холадам моўкнуць прасторы зямель
І стынуць утульныя топі.
 
З патайных зацішкаў, зь бязьлюдных балот
Зьлятаюцца вольныя птахі.
На поўдзень, у вырай, імкне іх палёт
Пад ясным бяскроквавым дахам.
 
Зьвісае над імі бяздонны абшар,
Дзе сьвецяцца вечныя зоры,
Пад імі гуляе, бушуе пажар,
У цемры сьвідруе пячоры.
 
У бляску крывавым руіны тырчаць,
Як чорныя цені-манахі.
Крылатыя госьці пужліва крычаць,
Трывожацца вольныя птахі.
 
– Эй, чуеш? Спыніся, спыніся, стары!
Ці тою вядзеш ты дарогай?
Глядзі – агнявыя там круцяць віры,
Іскрыстым падняўшыся стогам.
 
Ніколі на нашай дарозе раней
Такой не бывала праявы,
І ночы, глянь, сталі цямней і страшней,
Патоптаны нівы і травы.
 
Жахаюць зарніцы агнёў на зямлі,
І сыплюцца дрэвы пад громам,
Бяз голек, як трупы, маячаць камлі, –
Спыніся, бо край невядомы.
 
– Ня бойцеся, птахі! Наперад за мной! –
Стары журавель іх гукае.
– Вяду вас пуцінаю вернай адной,
Што Млечны мне Шлях асьвятляе.
 
Ня мы, гэта людзі з дарогі сышлі,
Ня мы, а яны заблудзілі.
Разбойніку цесна заўжды на зямлі –
Старыя спрадвечныя былі.
 
Наперад, наперад у вырай, за мной,
Ды крыльлі ямчэй разгарнеце!
Свой кут прывітаем мы новай вясной –
Для вольных і воля на сьвеце.
 
І далей на поўдзень ляцяць жураўлі,
Над імі калышуцца зоры,
Пад імі – пажары, пакуты зямлі
І гора, вялікае гора.
 
1942
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.