РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На захадзе сонца
Схіляецца дзень к надвячорку.
Ў зьняменьні стаяць тапалі
І слухаюць песьню-гаворку
Арыкаў ташкенцкай зямлі.
 
А колькі іх тут – і ня зьлічыш,
І мера ня мерана ім:
Двор кожны і кут маляўнічы
Ім рады, як дзецям сваім.
 
Скрозь сетку лісьцянай адзежы
Паказвае сонца свой твар,
А я пазіраю на межы,
Дзе захаду грае пажар.
 
У сьпёртым паветры заслонай
Зьвісае над горадам пыл,
А захад – празрыста-чырвоны,
Ня жывіць ён хмар – няма сіл.
 
Сухое узбэкскае неба
Скупое на дождж і на гром,
І цешыцца марна ня трэба,
Што новы дзень прыйдзе з дажджом.
 
Што громы душу мне ўзьвяселяць
І ўзрадуюць хмары мой зрок:
У чыстай прахладнай купелі
Ня ўмыецца заўтра дзянёк.
 
І я ў засмучэньні і ў болю
Гадаю аб краі сваім
І шмат бы сказаў, ды даволі:
Мне смутак есьць вочы, як дым,
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.