РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Топаль

Памяці друга

 
Каля Купалавай пасады
Упёрся топаль у вароты.
І думаў Янка, як даць рады,
Каб не было яму згрызотаў.
 
Пад тапалёваю паветкай
Ляжалі градкі, зьзялі ружы.
Расьціў на клумбах Янка кветкі,
Пясьняр наш дбалы і дасужы.
 
«А топаль грузны і гузасты,
І жыць яму, як бачна, мала:
Яму даўно ўжо гадоў за сто», –
Так разважаў з сабой Купала.
 
І страх часамі браў паэта,
Што вецер дрэва ў сад паваліць
І будзё кветкам песьня сьпета
У шуме-громе сьмертнай хвалі.
 
І вось прыйшлі дні злой навалы:
Асірацелі паркі, плошчы,
Згарэлі сад і дом Купалы,
І сам ён – блізкі нам – нябожчык.
 
І Менск, як труп, адны руіны,
Дзе ў мёртвых сьценах вецер сьвішча.
А топаль, волат-сіраціна,
Стаіць на варце папялішча.
 
Ды горад мы з руін падымем,
Успыхне радасьць зноў над краем,
І песьняра сьвятое імя
Навекі ў сэрцы захаваем.
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.