РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У родных мясьцінах
Празь пяць гадоў я зноў наведаў Вусьце,
Прытулак дум, абраны мой куток,
Дзе высіцца вусьцянскі мой грудок
І вецер лёгенька гайдаецца на кусьце.
 
Іду на груд павольнаю ступою,
Сумотна мне, бо я цяпер адзін,
Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін,
І нікну я паныла галавою.
 
Грудок усё ж такі, як быў, прыветны,
Гвазьдзічка белая, чабор на ім,
Ды ўжо гляджу я поглядам другім,
Як дуб стары, астаўшыся бязьдзетным.
 
Стаю, маўчу, мясьціны аглядаю –
Зьмяніліся, і трудна іх пазнаць.
Дубоў маіх паменшылася раць,
Як і людзей у родным нашым краі.
 
Бязьлюддзе, ціш. Высокаю травою
Вусьцянскія сялібы зарасьлі.
Бярэзьнічак заняўся на зямлі,
Атульвае разложыстую хвою.
 
Дарожкі той, што бегла к Балачанцы,
Няма нідзе – згубілася ў траве,
У памяці ж маёй яна жыве,
Як шмат з таго, што зьнікла на палянцы.
 
І тых, з кім я так блізка быў знаёмы,
Ужо няма: хто выселіўся сам
К апошнім тым на сьвеце рубяжам,
Дзе крыж стаіць журботна-нерухомы;
 
Другіх вайна ў далёкі сьвет пагнала,
І многа іх ня вернецца назад;
А трэйціх вынішчыў, пабіў фашысцкі кат,
І родная зямля іх не прыбрала.
 
І ўсё мне тут, дзе вокам я ні кіну,
Нагадвае аб жорсткасьцях вайны.
Зьнявечаны лясы, а парасьнік буйны
Жыве і тчэ спрадвечную тканіну.
 
Ідзе жыцьцё, буяюць яго сілы, –
Хай папрабуе хто суняць яго, спыніць.
Снуе жыцьцё за ніцьцю сваю ніць,
І моцныя для ўзьлёту яго крылы.
 
Я ведаю – загояцца ўсе раны:
3 пажарышч край паўстане, расьцьвіце
Ва ўсёй сваёй красе і паўнаце, –
Наш верны шлях, ён з праўдай павянчаны!
 
І толькі мне адно сягоньня горка:
Няма таго, з кім думкі я дзяліў,
3 кім тут стаяў, з кім я шчасьлівы быў, –
Пагасла ты, ясьнюсенькая зорка.
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.