РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З падарожжа
Ты прыстаеш, вандроўнік, у дарозе?
      Ну, што ж?! Прысядзь, спачынь
      Ды вокам даль акінь,
Твой скончан шлях, і ты ўжо на парозе.
 
Было ўсяго за часы вандраваньня:
      І бур, і навальніц,
      І радасных дзяньніц,
Нягаданых відовішч і спатканьняў.
 
І шмат зьбіраў ты скарбаў невідомых
      Зь людскіх сардэц і душ,
      З палёў сваіх і пушч,
І нёс ты іх к свайму прытулку-дому.
 
А з скарбаў тых, як ткач зь ніцей суровых,
      Тканіну ткаў сваю –
      Ці ў лесе, ці ў гаю,
Ці ў шуме ніў, ці ў зацішных дубровах.
 
Ня ўсё ж дабро, набытае гадамі,
      Сабранае трудом,
      Данёс у свой дом:
Шмат зьнішчана халоднымі вятрамі!
 
Не аднавіць яго, бо часу мала, –
      Ня вернеш сваіх страт!
      Ня падай духам, брат,
І новы скарб зьбірай старанна, дбала.
 
Ідзі з жыцьцём, вандроўнік, нага ў ногу,
      Бо шмат ёсьць маладых
      Вандроўнікаў такіх, –
Благаславі ты іх у пуць-дарогу!
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.