РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З майго летапісу
Стаіць мая хата між хвой кучаравых,
І купіна жыта на клумбе пры ёй.
Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,
Пляцоўка, і двор свой, і я сабе свой.
 
Выходжу з хаціны, спынюся спачатку
Ды вокам акіну скляпеньне нябёс:
А можа, там вецер пагнаў сваё статка,
Дажджлівыя хмары ў маланках панёс?
 
Ня радуе неба, бяздушнае, злое,
І хмар кучаравых нідзе не відаць,
Ня ў той бок махае галінамі хвоя, –
І марна пра дождж той сягоньня гадаць!
 
У сэрцы трывога, і злосьць мне на вецер:
Чаму не нагоніць жаданых нам хмар?
Журботна калыша бярэзінка вецьце,
І лёгкі пылок ёй кладзецца на твар.
 
Хаджу ад дубкоў я да яблынек кволых,
Што летась саджаў яшчэ з раньняй вясны, –
Гібеюць, нябогі, і я невясёлы,
Успомню і мары былыя і сны.
 
Ня раз я, бывала, у дні сухавеяў
Таксама душою і сэрцам хварэў
І неба, і хмары, і ўсіх дабрадзеяў
Маліў, каб на ласку зьмянілі свой гнеў;
 
Каб дожджык застукаў сялянству на ўцеху;
Каб вырасла жыта, гарох, ярына;
Каб гумны заклалі пад самую стрэху
І каб расьпірала сусек ад зярна;
 
Каб лес аж загніўся пад восень грыбамі,
Каб нам ураджай на іх быў, ды такі,
Што людзі іх проста б вазілі вазамі...
Эх, баравікі вы!.. Эх, баравікі!
 
Хаджу я, пануры, ад градак да дрэва,
І сіл не хапае мне іх паліваць.
А вецер бясплодныя дудзіць напевы...
І як жа зь вятрамі, скажы, ваяваць?
 
Іду на баромэтр зірнуць, ці ня кажа
Пра дожджык жаданы, пра радасьць маю.
А ён – не зрухнецца, стаіць, сіла ўражжа!
Баромэтру пстрычку са злосьці даю...
 
І помню – я раз узлаваўся зацята:
Чаго ён, нягоднік, як ідал, стаіць?
Пра дожджык чаму не варожыць, пракляты?
Я ў рэчку хацеў яго несьці тапіць.
 
Цяпер не такі я: гады ўгамавалі
Маю нецярплівасьць і порсткі настрой,
Гляджу, як філёзаф, на сінія далі –
Чаго спадзявацца старэчай парой?
 
А ўсё ж калі вецер з дажджыстага боку
Пагоніць чароды клубястыя хмар,
Я зноў тады ў тым жа даўнейшым патоку,
Калі маё сэрца захоўвала жар.
 
Тады і панурасьць, як цень, сходзіць з твару,
І я весялею, нібы той юнак.
Люблю тады неба, і вецер, і хмару,
Што з поўдзеня з громам узьнікне няўзнак.
 
Глядзіш – і баромэтр для шчасьця зямелькі
Наніз хіліць стрэлку пад гоман вятроў.
Тады я, вясёлы, іду да бутэлькі:
– За дожджык, Якубе! Ну, будзь жа здароў!
 
1947
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.