РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Крэўскага замка
Травой заплываюць сьсівелыя сьцены,
Нібы карабель адыходзіць на дно
Зялёнага мора, дзе кветкі, як пена,
Дзе птушкі анёламі лётаюць зноў
Над нашым гарыстым, як хвалі, прасторам,
Дзе жыць яшчэ хочам і не сумаваць
І выплыць спрабуем, як з мора, з Учора,
Зь якога ня будзе каму ратаваць
Мяне і цябе, калі мы не ўратуем
І гэтыя сьцены, і гэтую ціш,
Што сонца, сыходзячы ў цемру, цалуе,
І, як на ікону, на іх ты глядзіш,
Ікону якую даўно растапталі
Ня людзі чужыя, а нашы, свае,
Што долі, зьнішчаючы долю, шукалі,
Якім і сягоньня чагось не стае
Ля гэтых травою затопленых сьценаў,
На гэтай крывёю палітай зямлі,
Дзе мы ўсё чакаем з табой пераменаў
Заместа таго, каб тут жыць, як жылі
Тутэйшыя людзі, што славілі Бога
І славу сабе здабывалі жыцьцём...
Да Крэўскага замка травее дарога,
Па гэтай дарозе яшчэ мы ідзём
І будзем ісьці, як зь нябыту вяртацца,
І бачыць дарогу і сонца над ёй.
Хтось будзе – над намі зласьліва сьмяяцца,
Хтось будзе – спагаднай сьвяціцца сьлязой...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.