Памяці бабулі Ганны
Дагаралі ціха сьвечкі ў Храме, Раскуплялася гарэлка ў краме... Толькі не канчалася жыцьцё, Што ляцела, як ляціць лісьцё Восеньню ў калюгі і ў балота. І пра рай гарланіла басота, Што аж чэрцям весела было, І зьнікала боскае сьвятло, І на Храмах вырасталі травы, І мярзотнікі шукалі славы... Ну а ты хацела быць сьвятой, Як сьвятло над спаленай царквой, Як ікона, што з агню дасталі І забыліся, куды схавалі... Час прыйшоў, і ты ў труне ляжыш, Як павалены на травы крыж. І стаім мы ціха над табою, Нібы дым над спаленай царквою.
|
|