РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Мы яшчэ маладыя з табой,
Быццам восеньскі лёд пад нагой
На калюзе, дзе зорка на дне,
Як сьвятло ў адзінокім вакне,
Да якога з табой мы ідзём
Ціхай ноччу і ветраным днём.
І сьмяюцца над намі вятры,
І ўначы ўсьлед крадуцца зьвяры,
Але мы, хоць нясьпешна, з табой
Пад нябёсамі, як пад вадой,
Без дарогі да мэты ідзём.
І асьветліцца восень агнём,
І раструшчыцца восеньскі лёд,
Бы зь нябёс упадзе самалёт,
У якім мы хацелі ляцець,
Каб на зоры чужыя глядзець,
Як глядзець на сьвятлынь у вакне,
Дзе ніхто не чакае мяне,
Дзе ніхто не чакае цябе –
І ніхто нам ня скажа ў журбе:
«Мы яшчэ маладыя з табой,
Быццам восеньскі лёд пад нагой...»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.