РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бацькаўшчына
Дагарэў за брамай небакрай, 
Месяц паміж воблачкаў плыве. 
Выйду зноў, як у мінулы май, 
Басанож прайдуся па траве. 
Дымная, сьцюдзёная раса, 
Цёмныя ў траве ад ног сьляды. 
А такога рослага аўса 
Я не бачыў доўгія гады. 
Бач, хмызы спляліся, як павець, 
Сьветлякі мігцяць, гараць сьвятлей. 
Перад тым як звонка ў лозах пець, 
Прачышчае горла салавей. 
Лашчыцца трава да босых ног. 
З дальніх паплавоў плыве ракой 
Ледзь прыкметны сумны халадок –
Подых юні ўходзячай маёй. 
Паімчаць за ёю наўздагон? – 
Хоць і схопіш – усё адно падман. 
Дзе каханьне тых мінулых дзён – 
Весьніх паркаў бэзавы туман? 
 
Нават шкадаваньне – дзе яно? 
Зноў вясна, і жаль зьнікае зноў. 
(Так губляюць пах перад вясной 
Ссохлыя сьцябліны палыноў.) 
Ціха цмокае у сьне рака. 
О, як добра, як прыгожа жыць! 
Раска, як русалчына луска, 
На вадзе ад месяца гарыць.
А вакол травіцы роснай рай
І бярозак белая сям'я. 
Мой чароўны беларускі край, 
Бацькаўшчына сьветлая мая!
 
1957
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.