РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Шчасьлівыя людзі, што ведаюць мала
Пра сьвет, у якім яны сёньня жывуць.
Зноў зорка ў нябёсах ляцела – і ўпала,
На міг асьвяціла нябёсы й траву.
 
Шчасьлівыя людзі... Я зь імі шчасьлівы –
Гляджуся ў нябёсы і бачу ўначы
Ня зоркі над намі, а сьпелыя нівы
І родную вёску сваю Пугачы.
 
Шчасьлівыя людзі... І кожны – няшчасны,
І ў кожнага крыж свой, і ў кожнага шлях
Да крыжа свайго, як празь лес непралазны –
Празь лёс са сьлязамі на сумных вачах.
 
Шчасьлівыя людзі... Як трэба тут мала
Для шчасьця, якое прыйшло – і няма,
Як зорка ў нябёсах, што раптам упала,
На міг перакрэсьліўшы слова «зіма».
 
Шчасьлівыя людзі, што ведаюць многа
Пра сьвет, у якім яны сёньня жывуць,
У Храм ідучы, зноў прыходзяць да Бога,
Які асьвятляе нябёсы й траву...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.