РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Беларусь ня птушка, не шыпшына,
Беларусь – цяжарная жанчына,
У якой даўно сівыя дзеці
Параскіданы па белым сьвеце,
Як лісьцё раскідана бярозы
Ветрам, што як Сыс той нецьвярозы
Вершы кідае са сцэны ў залу,
Бы ў агонь, які гарыць памалу
Да пары да часу, бо так трэба,
Бо на ўсё глядзіць спакойна неба,
У якое рэдка мы глядзім,
У якое думкамі ляцім –
І вяртаемся назад, сюды,
Дзе вясною белыя сады
Чыстыя, наіўныя, як дзеці,
Што разыдуцца па белым сьвеце,
Зразумеўшы раптам, што яны
Тут не дачакаюцца вясны...
Беларусь ня птушка, не шыпшына,
Беларусь – цяжарная жанчына...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.