РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гісторыя аднаго каханьня
Санэты для Людмілы

#1
Даўным-даўно на вуліцах Масквы
З табой сустрэўся я, як нарадзіўся,
Як праз асфальт прабіўся шум травы
І цэлы сьвет травою асьвяціўся.
 
І ажылі нябёсы нада мной,
І хмары паплылі, як успаміны
Пра родны дом, пра поле за ракой,
Пра квецень адзінокае рабіны.
 
І ты сказала мне, што я дзівак,
Што я жыву, самотны, тут ня так:
Як можна жыць, уцёкшы на чужыну?
 
І пазіраў я ціха на цябе,
Нібы на сьвечку ў Храме, і ў журбе
Разгледзеў у табе сваю Айчыну.

 

#2
І мы пайшлі па вуліцах Масквы,
Нібы па лябірынце Мінатаўра,
І мы ішлі нясьпешна да царквы,
І мы ішлі праз ноч у наша Заўтра.
 
І нам сьвяцілі ветла ліхтары,
І, дзе патрэбна нам, яны стухалі,
І, нібы кроплі восеньскай зары,
Лісты зь бяроз у скверы ападалі.
 
І я тады маўчаў, нібы нямы,
Нібы страшыўся будучай зімы,
Што дзесьці ў хмарах ціха высьпявала.
 
І ты глядзела доўга на мяне,
Як на сьвятло далёкае ў вакне,
І ты нічога пра мяне ня знала.

 

#3
...І вось мы разам едзем на клады,
Дзе пахаваны малады Ясенін,
Дзе клён асеньні, нібы залаты,
Нібы фантан задумліва-асеньні.
 
І ходзім мы сярод чужых магіл,
І адчуваем – гэта не чужое
Лісьцё, што падае ў траву бязь сіл,
Але й ня наша: наша не такое.
 
І мы гаворым пра свае клады,
І з намі Багдановіч малады
У вершах адзінокіх ажывае.
 
І ажываюць мары пра наш сьвет,
Дзе цэніцца, нібы жыцьцё, паэт,
Які жыцьцё, нібыта Храм, стварае.

 

#4
Пачаўся дзень – бы рухнула сьцяна,
Што ўчора разьдзяляла цэлы сьвет,
І праз абломкі прарасла вясна,
Нібы з душы маёй табе санэт.
 
І я, забыўшыся пра дзень, пісаў
Адной табе і пра цябе адну,
Пісаў і тут жа, як былое, рваў,
Пісаў, нібы сыходзіў на вайну.
 
А ты была зь сяброўкамі ў кіно,
Здавалася, што зь некім п’еш віно
І ўжо ня помніш болей пра мяне.
 
І я глядзеў у чорнае вакно,
Зь якога б, можа, вылецеў даўно,
Калі б цябе мой Бог ня даў тут мне.
 

 

#5
У жоўтым доміку Літінстытута,
Дзе непрызнаных гэніяў гурма,
Ва ўсім паэзія, нібы атрута,
Даўно жыве «и сводит нас с ума».
 
У дворыку, які апеў Булгакаў
І дзе Платонаў сьмецьце падмятаў,
Я над тваёй запіскай ціха плакаў
І вершамі адказ табе пісаў.
 
А ты сядзела з кнігамі старымі,
І ў думках ты была ў далёкім Рыме,
Дзе Цэзар для цябе падпаліць Рым.
 
І праклінаў я домік інстытута,
Дзе ты з паэзіяй, нібы з атрутай,
Якую трэба выпіць нам дваім.

 

#6
Быццам дзяўчыну, царкву на Нерлі
Нёс у душы Караткевіч з каханьнем,
Каб да царквы мы з табою прыйшлі,
Разам з царквою страчалі сьвітаньне.
 
Думалі мы пра Айчыну з табой
Чыстую-чыстую, белую-белу,
Быццам бы воблакі па-над зямлёй,
Быццам пакутнае Божае цела.
 
Нехта на нас падазрона глядзеў,
Я ж за табой да Айчыны ляцеў,
Ведаў, што там нас з табою чакае.
 
Сьветла стаяла царква на Нерлі,
Мы ад царквы адной сьцежкай пайшлі.
Ты мне была ўжо зусім не чужая.

 

#7
Мы зайшліся ў ЦДЛ начны
І, смакуючы, як славу, каву,
У цыгарным дыме незямным
Слухаем Булата Акуджаву.
 
Ён сьпявае, як цячэ сьвятло,
І гітара, быццам ліст асеньні,
Нас вяртае ў тое, што прайшло,
Ды ня зьнікла, як зьнікаюць цені.
 
І табе я пра вясну кажу,
Пра дарогу і пра шум дажджу,
Пра каханьне хочацца сказаць.
 
Ты таксама кажаш пра вясну,
Пра дзяўчыну сумную адну...
І я знаю, як дзяўчыну зваць...

 

#8
...І раптам сьнег, нібы пажар, Маскву
Сваім бялюткім сумам ахапіў.
Мы ад яго схаваліся ў царкву,
Якую шчэ калісь француз паліў.
 
У Храме анікога не было,
І Храм нясьпешна плыў, нібы каўчэг,
На боскае прад вечнасьцю сьвятло
Праз нейчы ціхі плач, празь нейчы сьмех.
 
І мы плылі празь белую Маскву,
І ў небе людзі бачылі царкву
Бялюткую, нібыта першы сьнег.
 
І доўга сьнег сьвяціўся, як пажар,
Заціх, і ў небе поўня, як ліхтар,
Нам асьвяціла шлях у сьветлы грэх.

 

#9
А Масква савецкая яшчэ,
А Масква кабацкая даўно,
І па вуліцах жыцьцё цячэ,
Як па жылах таннае віно.
 
І купіўшы два білеты ў МХАТ,
Я цябе чакаю на Цьвярскім
І гляджу спакойна на дзяўчат,
Хоць дзяўчаты як гашышны дым.
 
Вось і ты, прыгожая, як квет,
Як Шэкспіраў пра любоў санэт,
Мне ідзеш насустрач па Цьвярскім.
 
І што крок ня проста мы бліжэй –
Неба па-над намі ўсё вышэй,
І нам добра ў горадзе чужым.

 

#10
Цягнік, нібы мангольская страла,
Ляціць празь дзень і даганяе ноч.
Ты ля вакна, нібыта ля цяпла,
Сядзіш, ня зводзячы з дарогі воч.
 
А я застаўся ў горадзе адзін
На пару дзён, нібы на пару год,
Самотны, як на сьнезе апельсін,
Няшчасны, як забыты самалёт.
 
І я гляджу на вуліцу з вакна,
Перада мною ноч, нібы сьцяна,
Дзе твой партрэт іконаю вісіць.
 
І пройдзе ноч, нібыта пройдзе век,
І сьлёзы суму адлятуць з павек,
Нібы анёлы. Нам іх не забыць...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.