РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Машэка
Лісьце алае засыпае роў,
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восеньню мой лясны будан.
Стогнуць пад дажджом старчакі альхі,
І ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма, –
Ў ім карэньні – столь, ложак – ліст сухі,
Ні агню няма, ні сьвятла няма.
Ад усіх я ўцёк, ад усіх я зьбег,
Буйным воласам да калень зарос.
Годы стаялі, быццам белы сьнег.
Горы панскіх цел мой Дняпро панёс.
Нішчу я паноў, замкі іх палю,
Я ламаю іх векавы бізун,
Помшчу за маю бедную зямлю,
За яе жальбу, за яе сьлязу,
За тваю красу, за маю любоў,
Што ў пакоях іх кветкай адцьвіла...
Дзікі вецер гне раць сівых дубоў.
Ночка нас з нажом, як братоў, зьвяла...
Я стаю, як корч, ў воўчай скуры ўвесь,
Зьліўся з дрэвамі і гляджу на шлях,
Цёмны я увесь, цёмны голы лес,
Толькі два агні сьвецяцца ў вачах.
Конскі тупат... Там... Бегма ў гушчыню...
Затрашчаць у ноч пад нагой лаўжы.
Зь дзікім сьвістам я коні супыню,
І сьпячэцца пан на маім нажы.
Ранкам на абрыў выцягну яго
І скажу рацэ, што бушуе тут:
«Ты прымі, Дняпро, ворага майго,
Змый з маёй зямлі гэты панскі бруд».
Лісьце алае засыпае роў.
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восеньню мой лясны будан.
 
1955
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.