РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Сёньня 'шчэ восень, а заўтра – зіма,
Сёньня 'шчэ воля, а заўтра – турма.
Сумна ўсё гэта, як зломаны крыж.
Ты праз акно, як празь неба, глядзіш
На адзінокіх людзей, што ў двары,
Быццам бы мышы ў каменнай нары,
Сонна шныруюць, ня помнячы, што
Самі яны – гэта тое сьвятло,
Што адшукаць яны хочуць даўно,
Гледзячы ў неба, нібыта ў вакно,
Дзе яшчэ восень, а заўтра – зіма,
Дзе яшчэ воля, а заўтра – турма,
І анічога табе не зьмяніць.
Праўда, ты можаш сьмяротна запіць
І не вярнуцца з кавярні дамоў.
Толькі ты сёньня на двор не пайшоў
І праз акно, як празь неба, глядзіш, –
І, нібы зь неба, з акна ты зьляціш,
Можа, і сёньня, а можа, й пасьля,
Як з-пад сьнягоў зноў прагляне зямля...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.