РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ты ведаеш даўно, што мы памром,
Праз вуліцы, залітыя сьвятлом,
Сплывём, як воск са сьвечак у царкве,
Як у зямлю сплывае па траве
Раса, сабою жывячы траву,
Што й на магілах шэпча нам «жыву».
І хочаш жыць ты, як жыве трава
На вуліцы, дзе белая царква
Стаіць, як па-над сьвечкай белы дым
Стаіць, нябачны ўночы анікім,
Бо гэты дым з малітваю плыве,
Бо гэты дым, нібы анёл, жыве
У Храме, празь які аднойчы нам
Праплыць, як дыму праплываць праз Храм,
Праз вуліцы, залітыя сьвятлом,
Праз думкі, што асьветлены крыжом,
У сьвет стары, па-над якім трава,
У новы, на якім стаіць Царква...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.