...Счарнела вугольле, і дым, быццам воран сівы, адляцеў, І холад на лёзах травы зноў разьвесіў расу маладую. І ноч, быццам кроў, праступіла праз вату зялёную дрэў, За мной пацякла, як пясок, размываючы ціш нежывую. Вярнуцца ніколі ня позна, было б жа вяртацца куды. І вернецца лета, ды лета ўжо будзе ня тое, І я ўжо ня буду, як гэта на травах раса, малады – Пад ногі ўпадзе з дрэў лісьцё, як агонь, залатое. Вярнуся дамоў, быццам бы апякуся, прачнуся ад сну, І ўбачу, што лета прайшло і мяне тут ніхто не чакае, І ў вокны сьляпыя, нібыта ў той сьвет, быццам воран, зірну – Самота мяне абаўе, быццам камень – зьмяя маладая.
|
|