РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Казка пра кавярню сьмерці
Я зноўку прыйшоў у кавярню начную
І ўбачыў Яе. Яна ціха смакуе
Чарнюткую каву і курыць паважна.
– Скажыце, паненка, адной вам ня страшна? –
Пытаю ў Жанчыны і побач сядаю.
Яна мне гаворыць: «Сядаць я ня раю.
Мяне ты ня знаеш і знаць не сьпяшайся.
Дзяўчат тут хапае, ты ў іх закахайся...»
Ды я не ўцякаю ад вабнай Жанчыны.
Як вечнасьць, самотна праходзяць хвіліны.
Сяджу, як чакаю за грэх пакараньня,
І думаць ня думаю я пра каханьне...
І ўжо я ўцячы ад Жанчыны гатовы,
Ды чую Яе найласкавыя словы:
– Ты будзеш маім. Табе хочацца сьмерці?..
...Гляджу, а ў кавярні – ня людзі, а чэрці.
Успомніць малітву – ня ўмею маліцца.
І ўспомніў: нячысьцік жа крыжа баіцца.
Ды ціха і сумна Жанчына гаворыць:
– Ты ў Бога ня верыш – тваё гэта гора.
Шкада мне дурнога цябе, маладога.
Ідзі ты з кавярні, ня помні нічога...
І выйшаў на вуліцу я ап’янелы,
І ў неба начное кавярня ўзьляцела.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.