РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Восень. Самотная восень Айчыны,
Жоўтае лісьце і ў скверы кастры.
Нас пакідаюць навечна жанчыны,
Нас прадзімаюць да сьмерці вятры.
 
Родныя постаці ў вечнасьць зьнікаюць,
Зь імі гавораць анёлы і Бог.
Сьвечкі ў цямнечы гараць, дагараюць,
Не асьвятліўшы ў ратунак дарог.
 
Вечна пад небам у сумнай Айчыны
Сумныя думкі, душы неспакой.
Попел на вогнішчах стоена стыне,
Дым адляцеў і растаў над зямлёй.
 
Хочацца з дымам у неба падняцца,
Сьледам за роднай душой паляцець.
Толькі ад тлумнасьці не адарвацца,
Толькі і ў тлуме дашчэнту згарэць.
 
Восень. Самотная восень Айчыны,
Чорнае лісьце і попел кастроў.
Нас пакідаюць, як вечнасьць, жанчыны.
Мы застаёмся адны ля крыжоў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.