РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У тую ноч
Кветка ў нэтрах лясных распускалася,
Залатая, агністая, сіняя,
На купальлі, на росным купальлі,
Ў бураломнай лясной лагчыне.
У глушы, дзе туманы белыя,
Дзе жывуць лесуны і трасца,
Як заўсёды, шукалі сьмелыя
Кветку-папараць, кветку шчасьця.
Як жадалі мець гэту кветку
Цёмных пушчаў глухія шаты,
Каласы на бедных палетках,
Людзі ў цёмных, закураных хатах!
Ўсё было ў тую ноч звычайным:
Над агнямі лёталі цені,
Пяткі «Янку» прывычна чаканілі,
Пахла мёдам мурожнае сена.
За вячэру скупую сядалі
Дзеці бедныя пры лучыне;
Загубіўшы вянок, рыдала
Панам збэшчаная дзяўчына.
У клапоўніку лаяўся п'яны,
За карчмою кагосьці білі,
Хтось на пузе ляжаў адшмаганы,
І кабета над ім галасіла.
З каліты салёнай, парожняй
Залатоўку узяўшы ў рукі,
Дзед шпурляў яе ў «божае вогнішча»,
Каб сухоты пусьцілі ўнука.
Ўся краіна над працай гарбела,
Ела бульбу, ня бачыла сала,
Ўсе маліліся, ўсе цярпелі,
І ўсе, як нямыя, маўчалі.
І ня ведалі вёскі ў дубровах,
Людзі хмурыя і палеткі,
Што ўсяму ўжо знайшлося Слова,
Што яно прагрыміць над сьветам,
Што язык залаты атрымалі
Ў гэту ноч пушчы цёмнай шаты,
Рэчак поўных лянівыя хвалі,
Занядбаныя, чорныя хаты.
Хоць нясьцерпным ставала гора –
Навакольле пакуль што маўчала.
Ноч плыла агнямі і зорамі...
Нарадзіўся Янка Купала.
 
11.IX.1957.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.