РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Падкова
На дзьвярах пустой канюшні
Дзе даўно жыве рэха
На іржавым цьвіку
Як на сваім шчасьці
Вісіць іржавая падкова
І па начах ёй сьніцца брукаванка
Як Млечны Шлях у невядомасьць
І галасы шчасьлівыя людзей
Што едуць на кірмаш
Нібыта цыганы ў рай
Падкове сьніцца мяккі цёплы туман
За якім усё прапала
Як і сам туман пасьля ўсходу сонца
І ляжала падкова ля кузьні
Як згубленае шчасьце
Як непатрэбнае мінулае
І знайшлі падкову хлапчукі
І прыбілі яе на дзьверы канюшні
Прыбілі як пакаралі
І паляцела б яна ў неба
І ўпала б і прапала б у траве
Але яе трымае цьвік
Як галодны сабака костку
І я праходзячы ля канюшні
І бачачы падкову
Успамінаю і кузьню і коней
І брукаванку і свайго дзеда
І забраў бы я падкову дахаты
Але няма ў мяне той хаты
Адкуль можна ехаць па брукаванцы
Празь цёплы туман на кірмаш
І вісіць на дзьвярах падкова
Як апушчаныя крылы
Расьпятага анёла
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.