РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Начлег
Мой край, ад крушыны горкі,
На беразе цёплы дымок,
Табун выпівае зоркі
З паверхні лясных межыток.
Конь цягне неба зялёнае
Ў гулкі пусты жывот,
Пакуль цеплыня ад сонейка
Туманам ня зьнікне з балот.
Дзе вы, дзяцінства гукі?
Дзе ты, водар зямлі?
Зьдзіўлёна гляджу на рукі,
Зь якіх сышлі мазалі.
Ня мне выхваляцца і ззаду
Скакаць на сьпіну каню,
Ня мне, як да ціхай радасьці,
Да начлежнага ехаць агню.
А мне ўсё здаецца, што бачу
Сябе і сваіх сяброў
У ліку тых, што на клячах
Імчаць з начлегаў дамоў.
Замест сядла – сярмяга,
Галовы ў пышных вянках,
З чырвоных і чорных ягад
Каралі на нашых грудзях.
Дзяцінства імчыць вясёлае
На мокрых конскіх гарбах,
Засмаглае, напаўголае,
З шыпшынаю ў белых чубах.
 
1958
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.