РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Галавешка
Ад белай бярозы
Пасьля чырвонага агню
Засталася чорная галавешка
І ляжыць галавешка сярод выгарыны
І баіцца яе трава
Помнячы што ёсьць гаспадар агонь
І поўзаюць па ёй мурашкі
Гадаючы адкуль узялася галавешка
Ці гэта тое што засталося ад маланкі
Якая звалілася зь неба
Ці гэта што іншае
Такое чорнае і мёртвае
І прыйдзе час і дождж
Абмые галавешку
І прыйдзе час і трава
Пакрые галавешку
І прыйдзе час і зямля
Забярэ галавешку
А пакуль ляжыць яна
Сярод спалоханай травы
На выгарыне як на падсьцілцы
Чорны сабака
Якога пакінуў гаспадар
Загадаўшы чакаць
І абяцаўшы вярнуцца
А ён яшчэ вернецца
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.