РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
У векавечнай бацькаўшчыне клёны
Нячутна пачынаюць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весьніцы,
На ціхі стаў, на гаць.
Зямля глядзіць азёрамі-вачыма
На ясны сьвет, што стыне у красе.
Як чыста, бы сьвятло абшары вымыла,
Як ціха – быццам зьніклі людзі ўсе.
Адвечная мая! Ў сьцюдзёных росах,
Як летась, як мільёны год таму...
Ляцяць на ветры косы рыжай восені,
І кліча лісьцяў жоўты сум зіму.
На вуснах стыне горкі смак рабіны,
Цалую іх, халодныя як лёд.
О вы, што будзеце ісьці зь дзяўчынай
Пад тымі ж клёнамі праз сотню год,
Ці зразумееце, што мы кахалі,
Што зьніклі так, як зьнікнеце і вы,
Што векавечны толькі край, і далеч,
І жоўты ліст на зелені травы,
Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны
Тысячагодзьдзі будуць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весьніцы, на ціхі стаў, на гаць,
Што нездарма яна з асінак рудых,
Калі ідзеш увосень па зямлі,
Раняе золата пад ногі людзям,
Каб мы яе любілі й бераглі.
 
1958
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.