РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Беларуская баляда
Які ўжо год «ваюем» між сабой!
Ня бачым, што труна ў нас пад нагамі
Напоўнена крываваю журбой
І нашымі пустымі чарапамі,
Якімі піць крывавую журбу,
А не ваду жывую нашым дзецям.
І ў пляшку, нібы ў срэбную трубу,
Анёл нам трубіць, як вандроўнік вецер.
І ты гаворыш: «Ты калябарант...»
І я маўчу, нібы труна, якая
Век радасьці ня знала і ня знае
З таго, што ў ёй паэт ці музыкант
Маўчыць, але да часу да пары,
Як вулканічны выбух у гары
Маўчыць, пакуль ваюем між сабой,
Ня бачым, што труна ў нас пад нагамі
Напоўнена, нібы душа, журбой
І небам, нібы чарапы – вачамі,
Якія бачаць, хто ідзе за намі,
Хто зь мёртваю, а хто з жывой вадой,
Каб я маўчаў, нібы труна, якая,
Хто ў ёй сягоньня пахаваны, знае
І будзе знаць, як знаем я і ты,
Хто з нас калябарант, хто інсургент
У гэтым сумным сьвеце несьвятым,
Дзе слова наша, як у пыле дыямэнт...
 
2.X.2006.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.