РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда бяздомных
Толькі вецер за вокнамі сьвішча
І нябёсы над намі ўначы,
Як былых нашых дзён папялішча,
У якім грэюць крыльле сычы.
 
Ты сядзіш, малады і галодны,
За чарнюткім, як плаха, сталом,
І твой позірк, як келіх самотны,
Змрокам поўніцца, нібы віном.
 
Мы з табой непатрэбны нікому,
Як пад плотам сьмяцьцё і быльнёг.
Нам з табой не вярнуцца дадому,
Мы ня бачым дадому дарог.
 
Вецер пыл уздымае над намі,
Мы зьнікаем, як цені ўначы.
І глядзім у цямнечу сычамі,
З нашых воч вылятаюць сычы.
 
І пакуль у карчме мы начуем
За чарнюткім, як прорва, сталом,
Мы дарогу дамоў не адчуем,
Без дарогі, бяз дому памром.
 
4–5.II.1997.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.