РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Размова з Кіева-Пячэрскім сланом
У асеньнім прысьмерку над Дняпром
Замігцеў агеньчык сьляпы.
Ад дажджу пачарнеў небарака-дом
І дубоў магутных слупы.
Ад дажджоў стаў зялёным стары паркан,
Парадзела лісьце садоў.
Пабяжы на поўдзень, Дняпро-рака,
Панясі прывітаньне з вадой.
Прынясі яго ў гарад юнацтва майго,
Дзе плылі тапаліныя дні,
Дзе чырвоныя паркі ля берагоў,
Дзе якраз запалілі агні.
Ў гэтым горадзе, дзе златабрамскі сквер
Зараз, пэўна, ад ветру пажоўк,
Ёсьць любімы раён, што завецца «Пячэрск»,
Ёсьць каштаны ў імжацы дажджоў.
Колькі я недакуркаў там раскідаў
У начны нечапаны сьнег,
Колькі раз пад вокнамі ноччу стаяў,
Каб пабачыць цень у вакне.
Дом вар'ята-дойліда. Сотні хімер
Прымасьціліся ля акон,
З брамы дзіўнай вартуе сонны Пячэрск
Недарэчны каменны слон.
Я прыйду і, як лепшаму другу свайму,
Калі выйду на Банкаўскі брук,
Доўгі хобат каменны пацісну яму,
Накармлю апельсінамі з рук.
«Любы слон, ты стаяў тут ночы і дні
Перад гэтай каменнай сьцяной.
Раскажы мне, як тут жылі яны,
Ўсе сябры, што ў разлуцы са мной?»
Ты заўсёды бачыў іх вокан агні,
Ты глытаў іхніх комінаў дым.
Пойдзем вулкай, дзе тысячы навальніц
Праляцела над сэрцам маім.
Ты пабудзь гэту ноч, як калісьці, са мной,
Пакідай старую турму.
Асьцярожна. Дай падтрымаю рукой,
Дай пад хобат цябе вазьму.
Мы дамо па Пячэрску вялікі крук,
Я мясьціны табе пакажу,
Дзе калісьці кранаўся каханых рук,
Дзе хаваўся зь ёй ад дажджу,
Дзе сымфоніі слухаў улетку зь ёй,
Дзе закусваў у склепах начных,
Дзе бяссонным крокам, часінай начной,
Падазроных будзіў вартавых.
Цытадэльны завулак. Старыя дамы.
Ў небе зоры, як кроплі сьлёз.
Тут калісьці у верасьні бачылі мы,
Як кацілася зьнічка зь нябёс.
Я такога ня бачыў яшчэ на вяку,
Я ня бачыў такога ў жыцьці:
Затуліла павекі, працягнула руку
І сказала: «Ляці ж! Ляці!»
І чамусьці як толькі сказала: «Ляці!» –
Ліст кляновы ў сьцюдзёнай расе,
Ўвесь чырвоны, лімонны і залаты
Ёй на пальцы, як мятлушак, сеў.
І яна падхапіла яго на ляту, –
Чуеш, сябра, чуеш, мой слон? –
І яна сказала, што гэта Арктур
Ёй зваліўся лістком у далонь.
Але вочы былі, як спынены сьпеў,
Як трывожнай ракі глыбіня...
Я быў вельмі дурны і не зразумеў,
Што за зорку чакала яна.
І прыйшла чарга невясёлым дням,
Паміж намі стала сьцяна,
І ня верыў ніхто, і ня верыў я сам,
Што чакала зорку яна.
Тут, на сходах, што ад тэатра Франко
На любімы Пячэрск вядуць,
Я апошні раз махнуў ёй рукой
І ў начную зьнік каламуць.
Каб пасьля зразумець, што на гэтай зямлі
Памяць дзён такіх берагуць,
Што куды б дарогі мяне ні вялі –
Я забыць яе не магу.
Колькі цяжкіх гадоў пайшло пад адхон,
Пад марознага ветру сьвіст,
Разумееш, мой сябра, мой любы слон,
Мне яна напісала ліст.
У сэрцы зноўку парасткі даўніх надзей
Пад вясеньнім ветрам пяюць.
Можа, зоры ляцяць сапраўды да людзей?
Можа, я спаймаю сваю?
Мы раён абышлі з табою кругом.
Зноўку вулка твая і мая.
Ты, напэўна, ведаеш гэты дом?
І пад'езд, і вакно, як маяк?
Перад ім гады замыкаюць круг
І спыняецца бег хвілін.
Ты прабач, прабач мне, мой любы друг,
Я далей пакрочу адзін.
 
1958
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.