РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда блуднага сына
...І калі сышоў сусьветны дым,
У якім наш божы край загінуў,
Пад крыжом драўляным і старым
Сын на могілках знайшоў Айчыну.
 
І была Айчына той травой,
Што ўзяла жыцьцё ад праху маці,
Што свой век жыла адна-адной
У старой, як сьвет грахоўны, хаце.
 
Ці ўздымаўся крыж да аблачын,
Ці аблокі нізка праплывалі,
Ды адчуў сябе вялікім Сын
У траве, што ворагі тапталі.
 
І ўскіпела, як агонь, трава
І крыжы старыя асьвяціла,
І ўзьляцела з могілак сава,
І раскрылася прад ім магіла,
 
Як Сусьвету чорнае вакно,
Празь якое Сын былое ўбачыў,
Дзе ён піў, як кроў бацькоў, віно
І, як прыхадзень, штодня сьвінячыў.
 
І калі сышоў былога дым
І ў нябыт магільны холад згінуў,
Пад крыжом драўляным і старым
Сын абняў, нібы свой крыж, Айчыну...
 
4.X.1998.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.