РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Дажджы мне ў душу намываюць самоту,
І я палюбіў, як самоту, дажджы,
Якія змываюць з крыжоў пазалоту,
Каб проста крыжамі былі ўсе крыжы
На нашых магілах, на Храмах, усюды,
Дзе мы і дзе нам аніколі ня быць.
Лістота асін пацалункам Іуды
Праз дождж, як празь вечнасьць,
                                                                          у вечнасьць ляціць.
І хочацца плакаць па тым, што ніколі
Ужо не паўторыцца ў нашым жыцьці.
І, страціўшы волю, памрэш ты бяз волі,
Бяз волі й палын не жадае расьці
На нашых руінах, дзе сёньня самота,
Дзе дождж ручаіцца ў маўклівай траве,
Дзе лісьце бяроз, як зь ікон пазалота,
Што зь вечнасьці нашай у вечнасьць плыве...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.