Траецкае, нібы майстэрня мастака, прапахла фарбамі і кавай, І вецер, як натуршчык п’яны, стомлена блукае між старых дамоў, Дзе ціха, як на могілках, і ўсім, нібы ў музэі, тут яшчэ цікава Хадзіць і сьцены разглядаць і булкамі карміць нахабных галубоў. Ты зойдзесься ў задымлены шынок і соку вып’еш, купіш цыгарэт, Паслухаеш спакойную, як павуціна, музыку, што льецца сонна На тлумны і галодны, як сабака, і, як першы сьнег, халодны сьвет, І будзе ўсё навокал, быццам шэры пыл і неба над зямлёй, будзённа. Ты вернесься дамоў і мне пра ўсё раскажаш, як пра даўні сьветлы сон, І я скажу табе, што не люблю, калі ідуць у нас дажджы бясконца, І праплыве над мокрым Менскам белы, быццам філіжанка, парасон, І будзе ў ім, нібыта кава з каньяком, рудое маладое сонца. Але пакуль яшчэ зжаўцелае лісьцё на чорны дол з дажджом зьлятае, Але пакуль яшчэ ты ходзіш, як між прывідаў, старых, як гэты сьвет, дамоў, Мая душа з кватэры цеснай, як з астрога, на дарогу паглядае, Зайздросьцячы вятрам ля сквера і ў нябёсах белай пары галубоў.
4.XI.1998.
|
|