РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Я з самотай сваёй адыходжу ў нябыт,
Нібы ранкам туман ад прырэчных ракіт,
Нібы сьнег на пагорках счарнелых вясной,
Нібы сон, што прысьніўся матулі маёй,
Я з самотай сваёй адыходжу ў нябыт.
 
І мяне ўжо на сьвеце ня будзе празь міг,
Нібы ціхае зьнічкі ў прасторах начных,
Нібы рэха ад крыку ў хаціне пустой,
Нібы мошкі над рыжай агню галавой...
І мяне ўжо на сьвеце ня будзе празь міг.
 
Толькі сьвет не заўважыць, што я адышоў,
Нібы кропля вады паміж сонных пяскоў,
Нібы з вогнішча стухлага ў полі цяпло,
Нібы з жоўтай лістоты на сьцежцы сьвятло...
Толькі сьвет не заўважыць, што я адышоў.
 
І ўсё будзе штохвілі зьнікаць назаўжды,
Як зьнікае рака, як зьнікаюць сады,
Як за коньнікам збройным над травамі пыл,
Як крыжы і каменьне з забытых магіл.
Усё будзе штохвілі зьнікаць назаўжды.
Покуль буду тут я, пакуль будзеш тут ты.
 
10.I.1999.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.