РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Там, дзе вецер над полем, як выгнаны з раю,
Абсыпае сябе, завываючы, пылам,
Я, стамлёны вандроўнік, крыніцу шукаю,
Хоць і знаю: яна недзе за небасхілам.
 
Камяні, нібы глыбы адвечнага лёду,
Праз траву, як зялёны туман, мне віднеюць,
І, нібы машкату, я памерці ахвоту
Праганяю, ды думкі мае не дабрэюць.
 
Гэты дзень, нібы вогнішча, дымна згарае,
І хачу я вярнуцца... Куды? Сам ня знаю.
Як пясок у гадзіньніку, пыл асядае,
І я ў пыл, як падбіты матыль, асядаю...
 
Там, дзе вецер над полем, над жоўтай травою,
Як пад сонцам, што ў травах зьнікае, іскрыцца,
Камяні растаюць і сьцякаюць вадою,
І цячэ празь вякі, як праз камень, крыніца...
 
10.VII.1996.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.