РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Па дарозе да Храма
1. Партрэт­-акуляры...

 
Акуляры – гэта бязбожнае неба
Празь якое пралятае душа
Да зорак якіх даўно няма
Акуляры – гэта бяздонны акіян
У якім патанула былое
І стала шклом
Празь якое бачым
Што нічога вечнага няма
Акуляры – гэта лёд
Па­-за якім існуе жыцьцё
Пакуль жывём самі
Акуляры – гэта партрэт
Дваццатага стагодзьдзя
Дзе мы былі маладымі
Дзе ты глядзіш праз акуляры
Як празь сьлёзы прашчураў
Якія жылі без акуляраў
 

2. Воўчая карона...

 
Карона воўчая – агонь
Дзе кроў паэтава пульсуе
Нібыта ў вершах віно
Дзе сьмерць начуе
І лесу чорныя ваўкі
Яе ўздымаюць карануюць
Таго хто нібы воўк жыве
Ня знаючы ўзаемнасьці ў каханьні
Але той вечны
Хто ў кароне воўчай
Праз чорны лес прайшоў
Нібы празь інквізіцыі агонь
 

3. Бабіна лета...

 
Лета няма
Ёсьць павуціны срэбра
Якое праз душу ляціць
Нібы матыль начны над вогнішчам
Нібыта дым над полем
Дзе нас няма
Як няма дарогі
Па якой можна дагнаць
Бабіна лета
Як павуціну срэбную
 

4. Крыніца...

 
З крыніцы вада нібы ў паэта
З горла кроў блакітная
Дзе камяні як словы
Што камянямі ў душы ляжалі
Таму ня трэба сьлёз
Сьлёзы – кроплі неба
Дзе зоркі вершамі былі
І зьніклі як зьнікаем мы
Калі вада як кроў паэтава
З крыніцы льецца
Нібыта з горла
 

5. Канюшня...

 
Пустая канюшня
І ты адзін як прывід
Які жыць застаўся тут
Каб вершы ствараць
Як сьвет
І гадаваць анёльскіх коней
Якіх ніхто ня бачыць
Акрамя цябе
 

6. Лес...

 
Лес – лёс
Які мы бачым
Праз акуляры сьлёз
І ў гэтым лесе мы
Як цені дрэў
Якіх даўно няма
Лес – гэта сьцяна
Празь якую праходзіць
Да нас вечнасьць
І мы разьбіваемся аб вечнасьць
Як аб сьцяну вецер
Як дождж аб страху
Дзе наш лёс – лес
 

7. Камяні...

 
Камяні былі вялікімі
І ты сядзеў на камяні
Як на краі сьвету
І перад табой праходзілі
Дні і ночы ночы і дні
І не было ім пачатку
І не было ім канца
І камень твой быў вялікі
Як Вялікае княства Літоўскае
 

8. Аблокі...

 
Аблокі зь якіх створыцца сьвет
Плывуць над полем
Як над зялёным попелам
І ты глядзіш на іх
Як на анёлаў
Што ведаюць час
Твайго нараджэньня
 

9. Дуб...

 
У кроне дуба вякі
Як пчолы ў квяцістым лузе
У карэньнях дуба
Чарапы як апалыя жалуды
І мы стаім перад дубам
Як трава перад агнём
І мы глядзім на дуб
Як на крыж на Храме
 

10. Лясны дзед...

 
Ён сьветлы як поўня
У небе чорным як лес
Што сьветлым стаў
Бо ў ім жыве Лясны дзед
Сьветлы як васковая сьвечка
Як срэбраны крыж
У высокай восеньскай траве
 

11. Вулей...

 
Начаваў ён у вульлі
А пчолы і трутні гулі
Як у чарзе на Страшы суд
І сьнілася яму маці
У сьветлай як агонь хаце
І сьлёзы праз душу цяклі
Як зоркі празь неба
І словы ляцелі празь вечнасьць
Як пчолы праз поле
 

12. Пчаліная матка...

 
У маткі пчалінай соты
Поўныя як сонца мёду
Золата і срэбра
А сын п’е неба нібыта віно
І босы бадзяецца па сьвеце
Начуе ў вульлі
І плача сьмяецца і плача
Бо маці ў яго больш няма
 

13. На беразе Леты...

 
На беразе Леты
Як на беразе лета
Чаўны як лістота апалая
З дрэва нашай вечнасьці
І ты не баісься Харона
І вочы твае як пчаліныя соты
Напоўнены мёдам жыцьця
На беразе лета
Як на беразе Леты
 

14. Чорныя травы...

 
Чорныя травы над намі
Як чорная павуціна
Чорныя зоркі
Як чорныя мошкі
І страшна праз поле ісьці
Нібыта праз страшны сон
А жанчына чакае
А жанчына трывае
А жанчына сьвятло стварае
А ля дарогі крыжы
Нібыта пад горлам нажы
Часу дзе мы жывём
 

15. Дарога...

 
Далёка да Храма
Як да вечнасьці
Але мы ідзём і глядзім
На сьвет праз акуляры сьлёз
Дзе паэт у воўчай кароне
Пералятае на нябачнай павуціне
Праз бабіна лета
Як праз свой ненапісаны верш
У якім блакітная кроў
З горла крыніцы як з горла паэта
Змыла з канюшні апошніх коней
Каб думаў паэт пра лёс як пра лес
Дзе на ўзьлесьсі вялікі камень
Як Вялікае княства Літоўскае
Па-­над якім плывуць аблокі
Як сьнег па анёльскім возеры
У якое глядзіцца дуб
Пад якім Лясны дзед
Як срэбраны крыж
У высокай восеньскай траве
Дзе ты начуеш у вульлі
Дзе пчаліная матка
Як родная маці
Частуе цябе залатым мёдам
Каб на беразе Леты
Як на беразе лета
Па дарозе да Храма
Ты не забыўся
Што ты ішоў да Храма
 
18–24.II.2007.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.