Баляда Кірылы Тураўскага
|
каля 1113 – пасьля 1190
|
Мінае травень... Ліпень... Лістапад... Зноў сьнежань Зь нябёс самотай белай на людзей імжыць. А ты замураваны ў манастырскай вежы, Каб толькі Слову, Слову Божаму служыць. І Тураў твой ад сьнегу, як ад квету, белы, І толькі Храмаў купалы сярод нябёс, Нібы вугольле ў сьнезе, на сусьвет наш цэлы Зіхцеюцца пад сонцам, страшачы мароз. З малітваю глядзіш на родныя прасторы І верыш, што твой край ніколі і нікім Ня будзе зваяваны і ня змоўкне ў горы, Ня зьнікне, як зьнікае па-над сьвечкай дым, Якая прад табой гарыць і асьвятляе Душу, як сьвет, і сьвет, нібы тваю душу, Дзе Бог жыве і Беларусь жыве сьвятая, Якая стане белай, як пасьля дажджу Вясновы ціхі сад, што чорным быў, бялее Ад квецені густой, нібыта белы Храм, Дзе Слова, як анёла, ты душой сагрэеш, І Слова паляціць да нас, і сьветла нам У сьвеце чорным будзе, у якім сягоньня Ёсьць наша Беларусь, а зь ёю ёсьць і ты, І ў беларускім небе, нібы на іконе, Хто ў Бога шчыра верыць, бачыць лік сьвяты, Як бачыў ты...
8.XII.2008.
|
|