РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Гусі-лебедзі ў лугах зялёных,
Гладзяць крылы белыя блакіт.
Сокал, прагнучы крыві салёнай,
Рвецца у сакольніка з рукі.
Ногі коней грэбуюць зямлёю.
Ярасная сіла ў скакуне...
Адбылося гэта ўсё са мною,
Або гэта сон і яблынь сьнег.
Але ў сьне не вып’еш столькі гора.
Ведаю, што я званіў у шчыт,
Я граміў татар пад Крутагор’ем,
Я крышыў крыжацкія мячы.
Кроў далі мне паплавы і пожні,
Голас – бор дрымучы і чарот.
Я з табою да крыві апошняй,
Мужны мой, адвечны мой народ.
Ты мне даў асеньнія сьвітаньні,
Ты мне даў ружовы твар вясны,
Падарыў мне цяжкае каханьне
Да жанчыны з дальняй стараны.
Роднымі зрабі чужыя вочы,
Шэрыя, як неба над табой,
А пасьля пакліч, калі захочаш,
За цябе на самы страшны бой.
І калі ў твае глыбіні лягу, –
Дай мне ціхі сьпеў тваіх бяроз
За любоў, за веру, за адвагу
Сьціплых песьняў, што табе прынёс.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.