Баляда Льва Сапегі
|
4.04.1557 – 7.07.1633
|
У Ружанах на вуліцы вецер, Нібы воўк, што ўначы заблудзіў, Ля вакон, што да раніцы сьвецяць, Прыпыніўся, свой шлях прытаіў І заціх... І прыцішыў дыханьне Па-над кнігаю новаю ён – Адзінокі, сівы, бы ў тумане, І самотны, як вечнасьць, як сон, Леў Сапега, што сёньня начуе Сярод кніг, як сярод цішыні, У якой па стагодзьдзях вандруе Белы рыцар на белым кані. І гараць сьвечкі сьветла, бы ў Храме, І па кнігах зноў цені, як дым, Прапаўзаюць, губляюцца з намі У паветры, ад зор залатым. І запіша ён зноў, што спазнае, Запісаўшы, закрэсьліць ізноў. Ён – Сапега, Сапегу сьвет знае, Як сам знае Сапега любоў Да зямлі, на якой нарадзіўся, За якую маліўся і біўся... І назаўтра ён сядзе ў карэту, Зноў у Вільню паедзе, у сьвет, І за ім, нібы воўк, на край сьвету Будзе вецер ляцець сьлед у сьлед...
24.VIII.2005.
|
|