РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лясная казка
Стажар серабрысты пажар.
На дрэвах бароды імхоў.
Пaра з начных імшар
Пужае цыбатых ласёў.
Бягуць па балоце яны.
Над імі праз шэры туман
Зьзяе, як вока вайны,
Чырвоны Альдэбаран.
Сьлепне стомлены зрок,
Сьцежка спускаецца ў лог,
Вожык, як шэры клубок,
Скруціўся ля самых ног.
– Клубочак, вядзі, вядзі.
– Гаспадар, дарогі няма.
Трэба на сьцежках блудзіць
І не зважаць на туман.
Яліна над сьцежкай маёй –
Не яліна, а баба-яга.
Сава ў глушыні лясной
Прарочыць: «Куга! Куга!»
– Алёначка! Ого-го!
Спаткай, за руку бяры.
Выведзі Яна свайго
Да цёплай хаты ў бары.
Хоча ён бачыць агні,
Карагоды між сьветлых лугоў,
Хоча сьвятла, цеплыні,
Хоча казаньня твайго.
Лаўжы і карчоў крыжы.
Туман, як прывід, як дым.
Хтосьці па сьцежцы бяжыць,
Сава лунае над ім.
Вочы гараць нада мной,
Не сава, а дзіва-зьмяя.
– Бацюхны! Хто гэта? Вой!
– Алёначка, гэта я.
– Пойдзем хутчэй. Туман.
Хату яшчэ прамінеш.
Як ты даведаўся, Ян,
Што завуць Алёнай мяне,
Што аб’ездчыку я дачка,
Што жыву між гэтых палян,
Што добра мне тут чакаць,
Калі прыйдзе прыгожы Ян?
– Любая, я ж чараўнік,
Знаўца зямлі і вады.
Мне і куніца, і дзік
Адкрылі свае сьляды.
Ў дрымотнай глушы лясной
Не ведаў я аднаго:
Сьцежкі да хаты тваёй,
Сьцежкі да сэрца твайго.
Дай мне тваю далонь.
Не трэба стаяць, пайшлі.
Вядзі на мірны агонь
У змрочных лапах ялін.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.