Баляда Івана Насовіча
|
7.10.1788 – 6.08.1877
|
Там Беларусь, дзе беларус жыве. І не патрэбна Беларусь шукаць, Бо тут яна, як валуны ў траве, Як у нябёсах песьня жаўрука, Што над тваёй дарогай, як сьвятло, Якое ёсьць, і будзе, і было, Як пад нагамі родная зямля, Дзе наша кроў, як іскры ў вугалях, Не патухае, сьвеціцца ў вяках І ў словах, што зьбіраеш сёньня ты, Каб зьберагчы, як зерне для сяўбы, Бо ўсё-ткі прыйдзе час наш залаты Пасьля стагодзьдзяў ветру і журбы. І ты ідзеш, бо ведаеш, чаму І для чаго, нясьпешліва, ідзеш, Як сьнег ідзе, каб ты любіў зіму І ўспамінаў, калі са стрэх капеж Пачнецца і рассыплецца сьвятло І кветкамі засьвеціцца ў траве Там, дзе даўно нічога не расло. Дзе беларус, там Беларусь жыве, І не патрэбна Беларусь шукаць, Бо тут яна, як ля дарог крыжы, Як у нябёсах песьня жаўрука, Як Бог у Храме кожным і ў душы...
25.IV.2009.
|
|