РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
За старым, закінутым млынам,
Дзе зарослы заліў ракі,
Скачуць жоравы на лугавіне –
Танканогія шляхцюкі.
У цыбатых усё ў парадку:
Ежа ёсьць, прайшлі халады,
Ім асіна пляскае ў ладкі
На касе ля балотнай вады.
Толькі я перапоўнены сумам.
Зросься я з гэтай весьняй зямлёй
Не птушыным сэрцам бяздумным,
А трывожнай людской душой.
Мне лягчэй бы стала, напэўна,
Каб забыла мінулае ты,
Каб страла мая ўпала гнеўная
І ўваткнулася перад царэўнай
У гарлачыка ліст залаты.
Ты прыходзь, далёкая, любая,
Ты разьвей усьмешкай тугу.
Пакладзі мне далонь на губы.
Не магу безь цябе. Не магу.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.