РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Цягнікі засьпявалі, заплакалі,
Дым зьмяшалі з парай лагчын,
Па мастах над вадою адтакалі,
Іскры кінулі ў зорную сінь.
Дні нядаўнія, ясныя, любыя,
Гарадоў старажытных спакой,
Курасьлеп на лугах Багалюбава,
Белы храм над Нерлю-ракой.
Ці здалося мне, ці прысьнілася,
Што ў вясеньнія гэтыя дні
На вачох тваіх, шэрых, мілых,
Больш было да мяне цеплыні.
Адшумела дзікімі злакамі,
Абляцела пялёсткамі «сна»,
Адцьвіла бярвянымі макамі
На паўночных лугах вясна.
Дзе ты зараз, добрая, цёплая,
Як прамень сьвятла на траве?
 
...Над духмянымі ў полі каноплямі
Цень ад хмары самотнай плыве.
Ледзь пасьпеўшы сустрэцца і зьведацца,
Лапай вочы прыкрыўшы ў журбе,
Пад алмазнай Вялікай Мядзьведзіцай
Сьпіць туга мая па табе.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.