Баляда Язэпа Дылы
|
14.04.1880 – 07.04.1937
|
Ад родных слоў, ад родных ветлых хатаў За тое, што ты любіш родны край, Завезьлі, сумнага, цябе ў Саратаў, Дзе жыць – жыві, ня хочаш – памірай Бяз тых палёў, дзе каласіцца жыта І васількамі плача аб былым, Якое, нібы дзень адзін, пражыта, Але ня зьнікла, як зьнікае дым, А з намі засталося валунамі Ад замкаў, што разбураны былі, І засталося ўмшэлымі крыжамі На могілках, што лесам парасьлі, Дзе пойдзеш і заблудзісься надоўга, Нібы ў стагодзьдзях, у якіх наш край Жыве, мацуецца крывёй Міндоўга І тых людзей, што марылі пра рай На роднае зямлі для ўсіх тутэйшых І для цябе, хоць ад радзімы ты Далёка будзеш жыць і сьніць аб лепшым І сьветлым часе – хай не залатым – Для родных ніў, для родных ветлых хатаў, Дзе Беларусь жыла і будзе жыць На злосьць усім сусьветным супастатам, Так, як Сьвятло жыве ў сьвятым крыжы.
29.III.2009.
|
|