РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Буслы вучаць дзяцей
Буслы вучаць дзяцей. Цішыня над ракою.
На абрывах у прысьмерку дрэмле падбел.
За ракой у густым лугавым спакоі
Пастуховай пугі ляскае стрэл.
Буслы вучаць дзяцей. Над стромай страшэннай
Шапку з чорнага гольля надзела сасна.
А пад імі прасёлачак пахне сенам.
А пад імі – Дняпро і лугоў жаўцізна.
Скора вечар. Хваля пясок цалуе,
Ціха цені ў прыдонных лозах пляце.
Дзядзька сьпіць у чаўне. Я нячутна вяслую
Паўз жанчын, што купаюць на плёсе дзяцей,
Колькі іх. Напэўна, цэлы дзесятак,
Сьмех на беразе. Мяккае рэха ў лазе:
«Хтось ляжыць у чаўне...
                                                      Паглядзіце, дзяўчаты.
Бач, тужлівы які...
                                      Тапельца вязе».
І адна з кабет, зубастая, сьмелая,
Пэўна, маці дзяўчатак, крычыць у сьпіну:
«Вось каб раптам устаў бы гэты тапелац
І ўхапіў сабе... ну хоць бы адну».
Я махаю рукой і торкаю ў човен,
Каб прыгожая самая села ў карме.
О, якія ляцяць наўздагон мне словы,
О, які там віск, і кпіны, і сьмех!
А «тапелец» раптам, задзёршы ногі,
Паімкнуўся ўстаць без падпоры рукой...
Сонца, сонца вячэрняе. Пырскі. Рогат...
 
А буслы вяслуюць над ціхай ракой.
Добра жыць на сасьне над шэрымі хатамі,
Дзе запаляцца скора ў вокнах агні
На абрывах высокіх пад ціхімі шатамі
Ў вёсцы з назваю звонкаю Кісьцяні.
Бусьляняты нагамі над хвоямі месяць,
Іх вячэрні палёт хавае імгла.
На вялізным, на нізкім аранжавым месяцы
Цень вялізны белага з чорным крыла.
У паветры звонкім старыя лунаюць.
Бездакорна старых пераймае дзятва...
Крыльлем лопаюць, на верхавіны сядаюць,
І паветра са сьвістам б’ецца мне ў твар.
Буслы вучаць дзяцей. Ім трэба сьпяшацца.
З кожным днём сінява гусьцее ў вадзе.
Першы жоўты ліст на галінах акацыі
Папярэджвае ліпень, што восень ідзе.
 
І стагі за ракою сумуюць па хатах,
Па адрынах, дзе плача смалою сьцяна.
Нават вечарам лётаюць бусьляняты
І мяне запрашаюць высока лунаць:
«Мы лунаем, а ты паўзеш, як мурашка.
Ў захапленьні ўзьлятаем, а ты стаіш.
Бачыш, мы навучыліся. Гэта няцяжка.
Ты такі вялікі. Ты лепш паляціш.
Паляцім мы з табою пад неба зорнае,
Адаб’ёмся ў базальтавай хмурай вадзе,
Паляцім мы ў Афрыку, ў Афрыку чорную,
Ў лес трапічны, дзе мнгва разьдзірае людзей.
Мнгва – вялізная кошка, магутная, сьмелая,
Больш ільва, са шкураю шэрай, як дым.
Мнгву ніколі ў жыцьці не бачылі белыя,
А пабачыўшы... не расказалі другім.
Там, у Афрыцы чорнай, пад небам сінім,
Над прытокам Конга ў густых сітнягах,
Правадыр негрыцянскі кажа дзяўчыне
З чорнай скурай бліскучай на цьвёрдых грудзях:
"Чуеш, бой барабанаў спужаў антылопу.
З паляўнічай сьцежкі паўзе зьмяя.
Калі мнгва мяне ў нетрах дагоніць і схопіць, –
Паляваньня героем загіну я.
Калі ж схопіць чужынец мяне і замучыць, –
Я памру не героем – рабом памру.
Чараду забяруць з крааляў1 калючых,
І цябе з сабою яны забяруць.
Я прайду праз лясы, дрыгву і завалы,
Я забуду твой цёплы сьмяшлівы рот,
Я на мнгве паспрабую дзіды трываласьць:
Ці праб’е яна ворагу прагны жывот».
 
Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою
На зарослыя пальмамі берагі,
Раскажыце, што над вялікай ракою
Ёсьць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх,
Што бязьмерным гонарам я ганаруся,
І мацнее штодзённа мая любоў,
Бо скупая зямля маёй Беларусі
Не раджала рабоў і не мела рабоў.
Буслы вучаць дзяцей. У лясным ветрабоі,
Ў цёмных пушчах буслам зайздросьцяць зьвяры...
Крылы моцныя гучна вяслуюць над хвоямі,
Хвост пушысты, як веерам, ногі накрыў.
І адклаўшы вясло, я слухаю сказы,
І па плыні спакойнай, па глыбіні
Адплываю кудысьці з захадам разам,
І згасаю на сумным тваім агні.
Ціхі гоман радзімы з абрываў чую,
Ціхі голас каханай, як песьня, цячэ...
Ну куды, куды ад цябе палячу я,
Ад пяшчоты, ад шэрых глыбокіх вачэй?
Буслы, буслы. Зіма вас зробіць ізгоямі.
Не лікуйце, што прыйдзе гэта пара.
О дурненькія дзеці, зь якою тугою
Вы прыпомніце захад і плёсы Дняпра!
Бузіну і яблынь цяжарных падпоры,
І стакроткі ў мокрай цяністай траве.
Не ад стомы буслы гінуць над морам:
Настальгія ім сэрца няшчаснае рве.
О, туга па Радзіме. Хутчэе. Хутчэе.
Сэрца поўніць узьлёт нечуваных мар.
Гэта ты, маё шчасьце, за морам сінееш?
Сэрца! Шчасьце! Любоў мая!..
                                                                    Цемра... Удар...
Перамогшы ў палёце прастор акіяна,
Паміраюць яны ў абдымках вод,
Як памёр Рафаэль у абдымках каханай,
Што кахаў безнадзейна дванаццаць год.
Я прыкметы твае павек не забуду:
Душагубка, што грэе на сонцы бакі.
Дзед сівенькі ў лазе, трапёткія вуды
І барвянец імклівы на плыні ракі.
Буслы, буслы, бярыце яе з сабою.
Усё запомніце: шоргат рачной асакі,
Сон пяску пад пяшчотай рачнога прыбою,
Соль ліловую сохнучай рыбнай лускі.
Часта радуеш сэрца ты, часта ты мучыш,
Я павек не забуду твае палі.
І каб стала ты полымем буйнаравучым,
Я саломаю стаў бы. Вазьмі. Спалі.
 
1959
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.