Баляда Аляксандра Чарвякова
|
8.03.1892 – 16.06.1937
|
«Беларусь беларускаю будзе Ці іначай ня будзе зусім Беларусі. І нашыя людзі Не пазьнікнуць у людстве чужым З мовай роднай, якая спрадвеку Богам дадзена тут чалавеку!» – Ты гаворыш, і многія чуюць І наш Дом беларускі мацуюць. Але гэтая радасьць – часова, Бо ня трэба тут родная мова У вялізнай краіне Саветаў, Дзе баяцца, як сьмерці, паэтаў І таму іх зьнішчаюць, ссылаюць Дый цябе ўжо чужым называюць. А які ты чужы Беларусі?! Ты на роднай зямлі – гаспадар! І ўжо плача анёлак у скрусе У нябёсах, дзе чорна ад хмар, Што зьбіраюцца па-над табою, Над тваёй беларускай душою. І ты сам пакідаеш жыцьцё, Як пад ветрам зь бярозы – лісьцё, Але голас твой чуецца людзям, Ён ня зьнікне, як з вогнішча дым: «Беларусь беларускаю будзе Ці іначай ня будзе зусім...»
31.VII.2008.
|
|